Новости

Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля менскай опэры 25 сакавіка

2 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з прадстаўнікамі Менскага гарвыканкаму. Гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка, паведаміў Свабодзе Аляксей Янукевіч.

Пачатак мітынгу-канцэрту а 14-й гадзіне, збор ля Опэрнага тэатру — а 13-й. Завяршэньне плянуецца а 19-й гадзіне.

Пры дазволе мітынгу і канцэрту Менгарвыканкам ня стаў дазваляць вялікае шэсьце праз цэнтар гораду: ранейшую заяўку, што ўключала таксама шэсьце, улады адхілілі, а ў цяперашняй заяўцы аргкамітэт і не прасіў вялікага шэсьця — толькі асобнай заяўкай разглядзець магчымасьць невялікага шэсьця ад помніка Янку Купалу да Опэры.

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз шэсьця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

З Вольскім і сьцягамі, але і зь міліцэйскім кардонам

Як раней казаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік кампаніі #БНР100 і дырэктар Symbal.by Павал Белавус, на канцэрце дакладна зьбіраецца зграць Лявон Вольскі (або сам, або з «Крамбамбуляй»), вядуцца перамовы зь Сяргеем Міхалком, ёсьць папярэднія дамоўленасьці з гуртамі DzieciukiKrama і Neuro Dubel.

Вольскі ў камэнтары Свабодзе раней казаў, што на 25 сакавіка варта ладзіць ня толькі канцэрт, але і нейкі «вялікі баль, ня як на Дзень сьвятога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча».

Бяз гэтага ніяк. Ілюстрацыйнае фота

На канцэрце менскія гарадзкія ўлады абяцалі дазволіць выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі (у тым ліку бел-чырвона-белых сьцягоў) — «можа быць абмежаваньне толькі для банэраў і расьцяжак, якія нясуць інфармацыю, не датычную да сьвята», пісаў Белавус. Праход да канцэрту будзе абавязкова зладжаны празь міліцэйскія турнікеты з мэталашукальнікамі, на іншыя ўмовы гарадзкія ўлады не пагаджаліся. 

Улады абяцалі арганізатарам прадставіць ахову, брыгады мэдыкаў і прыборку пасьля канцэрту бясплатна.

Усё яшчэ трэба сабраць грошы

На сайце Talaka.by вядзецца збор грошай на правядзеньне канцэрту, а таксама лекцыі, выставы і ўлёткі да 100-годзьдзя БНР. На ўсё трэба 20 тысяч рублёў, на момант публікацыі сабрана крыху больш за палову. Таксама прымаюцца іншыя ідэі па тым, як адзначыць сьвята, і прымаюцца заяўкі валянтэраў для канцэрту.

Таксама 2 сакавіка быў абвешчаны тэрміновы збор сродкаў на мэмарыяльную дошку да 100-годзьдзя БНР: улады далі дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, ды старая дошка, вырабленая 25 год таму, была не ў найлепшым стане. Неабходныя для ўсталяваньня новай дошкі 6 тысяч рублёў сабралі за тры гадзіны.

Летась на Дзень Волі былі сотні затрыманых, шэсьце незаконна «недазабаранілі»

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі. 

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі(спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Источник: svaboda.org

Читайте также:

Год столетий

Министр информации: Создание БНР — это очень важный шаг в истории Беларуси

Мингорисполком ответил на заявку оргкомитета по празднованию 100-летия БНР

Метки (тэги)